Навіны рэспублікі
23.02.2021
23 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 3 тыс. аўтарскіх распрацовак, прапанаваных для ўдзелу ў рэспубліканскім маладзёжным праекце "100 ідэй для Беларусі" рэалізаваны, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА афіцыйны прадстаўнік Цэнтральнага камітэта БРСМ, кіраўнік праекта "100 ідэй для Беларусі" Наталля Сталпінская.
"10-ы сезон маладзёжнага праекта практычна завершаны. Але мы падводзім вынікі не толькі 2020 года, а ўсіх 10 гадоў існавання праекта. Аналізуем, што атрымалася, на што неабходна звярнуць больш пільную ўвагу. За ўсю гісторыю "100 ідэй" арганізатарам паступіла больш за 15 тыс. заявак. Больш за 3 тыс. з іх рэалізаваны. Сярод іх - "Маладзёжны цэнтр "Гродна", "Маладзёжны патрыятычны цэнтр у Брэсцкай крэпасці", "Ствол пажарны ручны ўніверсальны камбінаваны "Вікінг", "Метад лячэння тэрмічных апёкаў у дзяцей шляхам прымянення лазернага апрамянення крыві", "Інавацыйны спосаб аднаўлення манаблокаў дызеля М756", "Аўтобус прадказанняў", "Навучальная пляцоўка віртуальнай рэальнасці", "Студэнцкая майстэрня інавацый", "Музей рэтракамп'ютараў" і тысячы іншых", - расказала Наталля Сталпінская.
Кіраўнік праекта нагадала: "100 ідэй для Беларусі" не раз былі прэзентаваны за межамі краіны, у Маскве, Сочы, кітайскім Ханчжоу, а яго пераможцы займалі першыя пазіцыі на прэстыжных міжнародных конкурсах і ўжо сёння ўваходзяць у рэспубліканскі экспертны савет. "Наш праект быў аднолькава цікавы як удзельнікам IV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, XIX Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Сочы, так і міжнароднага форуму па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях "ТІБО". У 2019 годзе праект "Хутар Мёбіуса" быў прадстаўлены ў фінале V конкурсу "Інтэрнэт+" па інавацыях і прадпрымальніцтве сярод студэнтаў і выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў", які праходзіў у Кітаі, заваяваў сярэбраны медаль. Праект рэалізаваны. А яго аўтар - аспірант Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Аляксей Зайцаў - на гэты раз прыме ўдзел у "100 ідэях" у якасці эксперта", - растлумачыла яна.
Фінал праекта "100 ідэй для Беларусі" па выніках 2020 года адбудзецца 24 лютага ў Мінску. На палях бізнес-хола "Прэзідэнт-атэля" разгорнецца інтэрактыўная выстаўка-прэзентацыя "Навігатар ідэй" аўтарскіх распрацовак фіналістаў. Падчас афіцыйнай цырымоніі адкрыцця арганізатары пакажуць творчую інтэрпрэтацыю эвалюцыі праекта, якая спалучае элементы хронікі і шоу. У адрас фіналістаў, пераможцаў адборачных тураў маладзёжнага праекта ў абласцях, горадзе Мінску, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прагучаць пажаданні ад пачэсных гасцей мерапрыемства.
У 10-м сезоне рэспубліканскага маладзёжнага праекта "100 ідэй для Беларусі" ў аргкамітэт конкурсу пададзена больш за 1,2 тыс. заявак. У кастрычніку - лістападзе 2020 года адбыліся 80 раённых/занальных адборачных этапаў, у снежні - шэсць абласных, мінскі гарадскі, адборачны тур Нацыянальнай акадэміі навук. Рэспубліканскаму экспертнаму савету трэба будзе вызначыць імёны абсалютных пераможцаў "100 ідэй для Беларусі" ў 10 асноўных кластарах у дзвюх узроставых групах (навучэнцы, студэнты і працоўная моладзь). Сёння ў афіцыйных пабліках БРСМ у сацсетках "УКантакце" і Telegram праходзіць анлайн-галасаванне за лепшыя праекты па версіі інтэрнэт-карыстальнікаў.
Праект "100 ідэй для Беларусі" стартаваў у 2011 годзе па ініцыятыве БРСМ і адразу стаў візітнай карткай маладзёжнай арганізацыі. За 10 сезонаў маладзёжныя ініцыятывы закранулі розныя сферы жыцця: інстытут сям'і і адукацыю, эканоміку і энергазберажэнне, інфармацыйныя, прамысловыя, авіякасмічныя тэхналогіі, бія- і нанаіндустрыю, ахову здароўя, спорт і турызм, вырашэнне экалагічных праблем і многія іншыя. Сярод аўтарскіх маладзёжных распрацовак звяртаюць на сябе ўвагу звыштэхналагічныя прапановы, якія не маюць сусветных аналагаў у сферах медыцынскай дыягностыкі і тэрапіі, атрыманні арганічных угнаенняў і перапрацоўцы прамысловых адходаў, тэхналогіі вытворчасці арыгінальных клеяў-расплаваў і будаўнічых матэрыялаў. Арганізатары праекта "100 ідэй для Беларусі" - Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. Афіцыйныя партнёры рэспубліканскага фіналу - ААТ "БЕЛАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ" і ТАА "Еўрагандаль".-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)
Да спіса