Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
Навіны рэспублікі
21.07.2020

Выязныя дні донараў арганізаваны для работнікаў устаноў і кампаній


Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій арганізаваў выязныя дні донараў для работнікаў устаноў і кампаній. Такая інфармацыя размешчана на сайце цэнтра, паведамляе БЕЛТА.
Каб правесці выязную донарскую акцыю, трэба дамовіцца з кіраўніцтвам арганізацыі, запрасіць як мага больш жадаючых здаць кроў (ад 20 чалавек), звязацца з аддзяленнем нарыхтоўкі крыві, яе кампанентаў у выязных умовах па тэлефоне +375 17 289-87-41 або электроннай пошце ozkvu@blood.by. Загадзя трэба выбраць дзень і ўзгадніць яго. Пры гэтым важна азнаёміцца з проціпаказаннямі і рэкамендацыямі па падрыхтоўцы да донарскай акцыі, якія размешчаны на сайце цэнтра.
Неабходна знайсці прасторнае, чыстае памяшканне, напрыклад, перагаворную, канферэнц-залу, вучэбны клас. На акцыю трэба ўзяць з сабой пашпарт і ваенны білет (мужчынам). Уся працэдура займае 20-25 мінут. Яна ўключае запаўненне анкеты, агляд тэрапеўтам, аналіз крыві з пальца, атрыманне даведкі і кампенсацыі на харчаванне. Непасрэдна забор крыві доўжыцца 6-10 мінут.
У РНПЦ звярнулі ўвагу, што донарам прадугледжана кампенсацыйная выплата ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі.
Служба крыві заўсёды выконвае санітарныя патрабаванні, дадалі ў РНПЦ. Бяруць кроў толькі аднаразовым, стэрыльным абсталяваннем. Медперсанал працуе выключна ў масках і ў абавязковым парадку забяспечаны антысептычнымі сродкамі.
Як раней адзначаў загадчык аддзялення нарыхтоўкі крыві ў выязных умовах РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій Антон Свірскі, лічыцца, што донарства крыві карысна для здароўя самога донара, таму што адбываецца пэўная трэніроўка арганізма да абнаўлення. Гэта значыць стымулюецца абнаўленне клетачнага саставу крыві, арганізм прыстасоўваецца да страт крыві, і пры пэўных экстранных сітуацыях у донара хутчэй адновіцца аб'ём страты крыві і клетачны састаў, чым у тых людзей, якія кроў ніколі не здавалі. Паводле яго слоў, ёсць сведчанне, што ў рэгулярных донараў крыві зніжаецца рызыка ўзнікнення сардэчна-сасудзістых захворванняў - інсультаў і інфарктаў. Акрамя таго, паводле даных СААЗ, у сярэднім донар крыві жыве на 5 гадоў даўжэй, чым чалавек, які кроў не здае.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)

Да спіса