Навіны рэспублікі
01.10.2020
1 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя пачала навучальны год са старту новых праектаў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшыня Цэнтральнага савета БРПА Аляксандра Ганчарова.
"Для інтэлектуалаў піянерскага руху распрацаваны два пакеты гульні "Піянерскі квіз". Інтэлектуальныя баталіі пройдуць для дзяцей двух узроставых катэгорый - 9-10 і 10-13 гадоў, - расказала Аляксандра Ганчарова. - Для аматараў актыўнага правядзення часу ў гэтым сезоне стартуе новы дыстанцыйны праект "Алімпіяда дваровых гульняў", удзельнікі якой змогуць паспаборнічаць за званне лепшага ў такіх гульнях, як "Казакі-разбойнікі", "Лапта", "Квадрат", "Класікі". Дзецям, якім блізкая тэма экалогіі, спадабаецца праект "ЭкаЦімураўцы". Ён дапаможа знайсці аднадумцаў тым, хто імкнецца зрабіць нашу планету чысцейшай, любіць даглядаць жывёл і жадае даведацца, як правільна гэта рабіць".
Аматарам гісторыі і культуры падыдзе анлайн-праект "Пазнай Беларусь". Яго ўдзельнікаў чакаюць шэсць месяцаў паглыблення ў гісторыю, традыцыі, прыроду роднага краю. "Для тых, хто марыць уварвацца ў сферу ІТ, стаць выдатным блогерам, фатографам або ціктокерам, у студзені 2021 года стартуе ўнікальны адукацыйны праект Pro-Media, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі навучацца ствараць кантэнт, развіваць яго і працаваць са сваёй аўдыторыяй. Не забылі мы і пра самых маленькіх членаў арганізацыі - акцябрат. Іх чакае конкурс акцябрацкіх груп "Суперзорачка". Каманды падрыхтуюць візіткі "Маленькія зорачкі", пройдуць IQ-пракачку, праявяць свае таленты ў творчым дамашнім заданні", - адзначыла старшыня ЦС БРПА.
Для таго каб стаць удзельнікам любога з гэтых праектаў, неабходна прайсці рэгістрацыю на сайце арганізацыі.-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)
Да спіса