Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
Навіны рэспублікі
22.09.2020

"Беларуская энцыклапедыя" прадставіла кнігу аб найбольш значных сімвалах краіны


22 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" выпусціла 224-старонкавую кнігу "Сімвалы Беларусі" на трох мовах. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў выдавецтве.
Кніга прадстаўлена на трох мовах: беларускай, рускай, англійскай. "Больш за 100 тэрмінаў адлюстроўваюць найбольш значныя сімвалы суверэннай Беларусі, дзякуючы якім краіну ведаюць і цэняць у свеце. У іх ліку - гімн, герб і сцяг, Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце, Канстытуцыя. Акрамя таго, сярод такіх атрыбутаў - Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Вялікі тэатр оперы і балета, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і кінастудыя "Беларусьфільм". Духоўнымі сімваламі нацыі з'яўляюцца Ефрасіння Полацкая, Жыровіцкі абраз Божай Маці, Тураўскае Евангелле, Каложская царква ў Гродне і Сафійскі сабор у Полацку, слуцкія паясы. Многія захапляюцца архітэктурнымі сімваламі Беларусі, у ліку якіх Палац Незалежнасці, шматфункцыянальны спартыўны комплекс "Мінск-Арэна", плошча Перамогі і архітэктурны ансамбль праспекта Незалежнасці ў сталіцы, Нясвіжскі і Мірскі замкі. Сімваламі прыроды лічацца бусел, зубр, лён, васілёк, знакамітая бульба, а таксама нацыянальны парк "Белавежская пушча", Бярэзінскі біясферны запаведнік, Браслаўскія азёры і Нарач", - адзначылі ў выдавецтве.
Багата ілюстраванае выданне расказвае пра людзей, якія праславілі краіну далёка за яе межамі. Гэта спартсмены Вікторыя Азаранка і Дар'я Домрачава, Алена Бялова, Аляксандр Мядзведзь і Руслан Салей, літаратары Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Уладзімір Караткевіч, мастакі Іван Хруцкі, Марк Шагал і Міхаіл Савіцкі. "Безумоўна, кожны чытач зможа самастойна прадоўжыць прапанаваны спіс, знаходзячы новыя сугучныя сэрцу сімвалы роднага краю", - падкрэслілі ў выдавецтве.
Унікальная прэзентацыйная кніга падрыхтавана сумесна з Музеем сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Навінка будзе карыснай усім, хто цікавіцца гісторыяй і сучаснасцю беларускай дзяржавы, гасцям і жыхарам краіны, моладзі.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)

Да спіса