Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну
Навіны рэгіёну
17.02.2021

Увод вытворчасцей цэлюлозы і кардону дасць магчымасць пашырыць выпуск папяровай упакоўкі ў Беларусі - Касько


17 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Увод вытворчасцей цэлюлозы і кардону дасць магчымасць пашырыць выпуск папяровай упакоўкі ў Беларусі. Аб гэтым заявіў сёння на прэс-канферэнцыі старшыня канцэрна "Беллеспаперапрам" Міхаіл Касько, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы ўжо даволі даўно працуем над пытаннямі выпуску папяровай упакоўкі. Тыя ж скрыні з гафрыраванай паперы, латкі для яек вырабляюцца ўжо некалькі дзясяткаў гадоў. Але неабходны і новыя віды ўпакоўкі, з прывабным для пакупнікоў верхнім слоем. Для гэтага патрэбна цэлюлоза, і мы над гэтым працуем ужо", - сказаў Міхаіл Касько.
На базе ААТ "Светлагорскі ЦКК" уведзена ў эксплуатацыю вытворчасць сульфатнай беленай цэлюлозы. Паводле слоў старшыні канцэрна, завод не толькі экспартуе гэту прадукцыю, але і пастаўляе яе на ўнутраны рынак для далейшай перапрацоўкі. "Напрыклад, Завод газетнай паперы атрымлівае цэлюлозу і вырабляе ўпаковачную паперу, з якой потым у нас у сістэме канцэрна вырабляюць папяровыя пакеты і мяшкі і адгружаюць іх на ўнутраны рынак, у тым ліку для вытворцаў мукі, іншых сыпучых прадуктаў", - адзначыў ён.
Для выпуску папяровай упакоўкі патрэбны і розныя віды кардону. "На нашых прадпрыемствах ужо ёсць немелаваныя віды кардону, а з уводам у эксплуатацыю завода на Добрушскай папяровай фабрыцы "Герой працы" з'явяцца і мелаваныя. З кардону можна вырабляць не толькі папкі для канцылярскіх патрэб і папяровы посуд, але і ўпакоўку для малака, лякарстваў", - звярнуў увагу Міхаіл Касько.
"Адкрываецца даволі шырокі спектр новых відаў упакоўкі, якія раней не толькі ў сістэме канцэрна, але і ў цэлым у краіне не вырабляліся. Да канца бягучага года і ў пачатку наступнага мы плануем атрымаць намнога больш шырокую лінейку ўпаковачных матэрыялаў, каб максімальна задаволіць попыт на ўнутраным рынку", - рэзюмаваў старшыня канцэрна.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)

Да спіса