Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну
Навіны рэгіёну
24.05.2023

Дырэктар гомельскага палаца культуры стаў лаўрэатам міжнароднай прэміі СНД "Садружнасць дэбютаў"

Міжнароднае журы назвала імёны пераможцаў міжнароднай маладзёжнай прэміі "Садружнасць дэбютаў". Сярод яе лаўрэатаў - дырэктар Палаца культуры "Беліцкі" горада Гомеля Аляксандр Бандарэнка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД.

Прэмія была прысвечана Году народнай творчасці і культурнай спадчыны, які быў абвешчаны ў 2022 годзе ў СНД. Яе лаўрэатамі сталі таксама педагог і выканаўца на азербайджанскім нацыянальным інструменце тара Шахрыяр Іманаў, настаўнік па дыванаткацтве з Арменіі Астхік Амірбекян, майстар-вытворца традыцыйных жыльных струн для казахскіх музычных інструментаў Бабыр Аргынаў, выкладчык па шыцці традыцыйнага адзення кыргызаў Даалот Рысбаеў, выкладчык фальклору з Расіі Аляксандр Уласенкаў і ўзбекскі скульптар Бахром Нарбоеў.

Міжнародная прэмія "Садружнасць дэбютаў" заснавана Саветам па гуманітарным супрацоўніцтве СНД і Міждзяржаўным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва ў 2008 годзе. Прэмія штогод прысуджаецца маладым спецыялістам (да 35 гадоў) у той гуманітарнай галіне, якую вызначаюць заснавальнікі. За гады яе існавання ўзнагароду атрымлівалі паэты, урачы, педагогі, вучоныя, спецыялісты па ахове помнікаў гісторыі і культуры, папулярызатары кнігі і чытання.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi

Да спіса