Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну
Навіны рэгіёну
10.06.2020

"Гомсельмаш" экспартуе больш за 65 працэнтаў тэхнікі


Гомель /Кар. БЕЛТА/. ААТ "Гомсельмаш" адпраўляе на экспарт больш за 65 працэнтаў тэхнікі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
"Паводле інфармацыі цэнтра маркетынгу і рэкламы прадпрыемства, увогуле за рубеж "Гомсельмаш" адпраўляе каля дзвюх трацей усёй выпускаемай тэхнікі", - адзначылі ў прэс-службе. Так, да канца першага паўгоддзя гэтага года, акрамя паставак прадукцыі на традыцыйныя рынкі Беларусі, Расіі, Казахстана, запланавана адгрузка тэхнікі ў Малдову і Арменію. Геаграфія экспарту ў другім паўгоддзі ўключае Украіну, Узбекістан, краіны афрыканскага кантынента.
Самы вялікі беларускі вытворца сельгастэхнікі ў студзені-красавіку бягучага года істотна павялічыў тэмпы росту рэалізацыі і экспарту прадукцыі ў адносінах да аналагічнага перыяду 2019-га. "Гэтыя ключавыя паказчыкі склалі ў грашовым выражэнні 166,2 працэнта і 158,9 працэнта адпаведна. За чатыры месяцы складскія запасы гатовай прадукцыі знізіліся на Br143,3 млн", - адзначылі на прадпрыемстве.
У план вытворчасці на май-ліпень дадаткова ўключана больш за 300 адзінак тэхнікі.
На прадпрыемстве падкрэслілі: у холдынга шырокі асартымент машын, якія пастаўляюцца за мяжу. "Значная частка знешніх паставак прыпадае на выпускаемыя ў розных мадыфікацыях збожжаўборачныя камбайны з двухбарабаннай сістэмай намалоту КЗС-1218, камбайны з прызнанай эталонам надзейнасці аднабарабаннай сістэмай намалоту КЗС-812 і КЗС-10К, якія таксама маюць розныя варыянты выканання. Высокая цікавасць замежных спажыўцоў да новага збожжаўборачнага камбайна гібрыднага тыпу КЗС-3219КР і не маючага аналагаў ва ўсёй практыцы сусветнага камбайнабудавання газаматорнага КЗС-4118К", - растлумачыў намеснік дырэктара па рэалізацыі і развіцці - дырэктар цэнтра маркетынгу і рэкламы ААТ "Гомсельмаш" Дзмітрый Муляр. Паводле яго слоў, стабільны попыт на высокапрадукцыйныя КВК-8060, КВК-800 і іх мадыфікацыі, комплексы К-Г-6. У структуру экспарту ўключаны і новыя самаходныя касілкі КС-100 і КС-200, прычапныя і навясныя касілкі, уключаючы топавую мадэль КПР-9 і яе мадэрнізаваныя версіі. "Вытворца выконвае заказы і на пастаўку выпускаемых у вельмі шырокім асартыменце адаптараў да збожжа- і кормаўборачнай тэхнікі, а таксама глебаапрацоўчых, пасяўных агрэгатаў, сеялак, апырсквальнікаў і вялікага пераліку іншых сельгасмашын", - удакладніў Дзмітрый Муляр.
"У кіраўніцтве холдынга ўпэўнены, што дасягнутая дынаміка росту - гэта заканамерны вынік уступлення ў дзеянне актуалізаванай стратэгіі развіцця холдынга "Гомсельмаш" да 2030 года. Дакумент распрацаваны з улікам сённяшніх рэалій", - падкрэсліў ён. Стратэгія нацэлена на тое, каб больш актыўна асвойваць прыярытэтныя рынкі збыту, у якасці якіх вызначаны каля двух дзясяткаў краін блізкага і далёкага замежжа.
На прадпрыемстве дадалі: холдынг бесперапынна ўдасканальвае, дапаўняе і абнаўляе лінейку прадукцыі.
Холдынг "Гомсельмаш" - адзін з буйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі, які ўваходзіць у лік лідараў сусветнага рынку камбайнаў і іншых складаных сельгасмашын. Сёння пад брэндам "Палессе" выпускае мадэльныя рады збожжаўборачных і кормаўборачных камбайнаў, пачаткаўборачныя і бульбаўборачныя камбайны, касілкі і іншую сельгастэхніку. Камбайны "Палессе" працуюць на палях Расіі, Украіны, Казахстана, Чэхіі, Славакіі, Румыніі, Балгарыі, Аргенціны, Бразіліі, Кітая, Рэспублікі Карэя, краін Балтыі. Кампанія мае шырокую тавараправодную сетку, сумесныя прадпрыемствы і зборачныя вытворчасці.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)

Да спіса