Адрас райвыканкама: Рэспубліка Беларусь, Гомельская вобласць,
247095, г.п. Лоеў, вул. Леніна, 2
Тэлефон прыёмнай: 8 02347 2 04 10
E-mail:
isp@loev.gov.by (для дзелавой перапіскі)
Унікальны праграмны прадукт - інтэрактыўную сістэму кіравання праектамі (ІСКП) - распрацавалі ў "Беларуснафце", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве.
Праграмны прадукт, які дазваляе на адлегласці кіраваць складанымі працэсамі, стварылі спецыялісты ўпраўлення капітальнага будаўніцтва цэнтральнага апарату "Беларуснафты". "У краіне няма аналагаў гэтай сістэме, па ключавых параметрах яна перасягае і замежныя распрацоўкі. Сістэма ўжо даказала сваю эфектыўнасць на стратэгічных аб'ектах рэспублікі", - адзначылі ў кампаніі.
"Беларуснафта" будуе шмат - і ў падраздзяленнях кампаніі, і іншым заказчыкам, звярнулі ўвагу на прадпрыемстве. Некалькі гадоў таму нафтавікі сур'ёзна пачалі лічбавізацыю і ў будаўнічым сегменце. Адной з зыходных кропак кардынальных змен стаў арыенцір на BIM-тэхналогіі і новы погляд на кіраванне будаўнічымі працэсамі.
Як расказаў намеснік начальніка УКБ па развіцці BIM-тэхналогій і лічбавым кіраванні праектамі Аляксандр Чарняўскі, для распрацоўкі праграмнага прадукту ў 2020 годзе сабралі каманду з пяці спецыялістаў. "У выніку распрацавана сістэма, якая дазваляе кіраваць будаўніцтвам у любым пункце свету, знаходзячыся за маніторам камп'ютара або перад экранам смартфона", - адзначыў ён.
Паводле слоў Аляксандра Чарняўскага, ІСКП заснавана на даных. "Ёсць план па аб'екце і яго фактычнае выкананне. Майстар аб'екта штодзённа дае справаздачу па асноўных параметрах, гэтыя даныя прыходзяць у нашу сістэму. А паколькі яны ўсе ўзаемазвязаны, то на аснове паступаючых даных можна зрабіць зрэз па любой інфармацыі: ёсць адставанне ад графіка ці не, тое ж самае па рэсурсах - дастаткова іх ці не. Увесь працэс будаўніцтва як на далоні", - растлумачыў намеснік начальніка.
"Так, ёсць аналагічныя заходнія праграмы кіравання, але яны даволі вялікія і складаныя. Наша сістэма настолькі простая і зразумелая, што не трэба валодаць навыкамі праграміста і нават быць экспертам у будаўніцтве, каб хутка разабрацца і з карысцю для справы яе прымяняць", - дадаў ён.
Праграмны прадукт праверылі ўжо на практыцы. "Самы ўражальны прыклад - будаўніцтва магістральнага нафтаправода Гомель - Горкі, рэалізаванага па распараджэнні кіраўніка дзяржавы. Дзякуючы ІСКП нафтаправод увялі датэрмінова", - адзначылі на прадпрыемстве.
Сёння інтэрактыўная сістэма кіравання праектамі задзейнічана на 26 аб'ектах "Беларуснафты", а таксама на будоўлях "Гомельтранснафта Дружба" і "Нафтана".
"Працэс будаўніцтва - толькі адна вобласць прымянення інтэрактыўнай сістэмы. Але гэта могуць быць, напрыклад, і працэс бурэння, і працэс пастаўкі сыравіны, абсталявання. Усё, што мае даныя, гэта сістэма можа ахапіць. І, вядома, пастаянна вядзецца работа па яе ўдасканаленні, пашырэнні функцый. Калі гаварыць пра будаўнічую сферу, то бліжэйшая перспектыва - уключэнне ў інтэрактыўную сістэму магчымасцей BIM-тэхналогій з тым, каб заказчык мог бачыць адставанне і на BIM-мадэлі аб'екта, яго лічбавым двайніку. Гэта дазволіць кіраваць будаўніцтвам яшчэ эфектыўней, а будаваць - якасней і хутчэй", - рэзюмаваў Аляксандр Чарняўскі.-0-
Да спіса