Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну
Навіны рэгіёну
06.06.2023

Абласныя туры сямейнага сельгаспраекта "Уладар сяла" стартуюць 16 чэрвеня

6 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Абласныя туры рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта "Уладар сяла" стартуюць 16 чэрвеня, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Вераніка Гудкова.

"Да 15 чэрвеня па ўсёй краіне завершацца конкурсы "Уладар сяла" на раёнах. І ўжо 16 чэрвеня іх пераможцы пазмагаюцца ў сельскагаспадарчых спаборніцтвах і творчых конкурсах за выхад у рэспубліканскі фінал у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях. Традыцыйна гэта яркае і відовішчнае дзейства, якое аб'ядноўвае сем'і рэгіёнаў. Яно напоўнена эмоцыямі, пазітывам, спаборніцкім духам, падтрымкай родных і блізкіх і заўсёды прыцягвае ўвагу глядацкай аўдыторыі. Дарэчы, за спаборніцтвамі дружных беларускіх сем'яў у гэты дзень можна будзе назіраць у гарадскім пасёлку Падсвілле Глыбоцкага раёна, у Крычаве і ў Старых Дарогах", - расказала Вераніка Гудкова.

Паводле яе слоў, 23 чэрвеня займальныя спаборніцтвы праекта на абласным узроўні пройдуць у аграгарадку Дзівін Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. 29 чэрвеня "Уладароў сяла" будуць сустракаць у Чачэрску і ў вёсцы Каробчыцы Гродзенскага раёна.

Сакратар ЦК БРСМ падкрэсліла, што ў гэтым годзе новы сезон праекта "Уладар сяла" ўпершыню стартаваў у Міжнародны дзень сям'і. "У раённых турах запланаваны ўдзел больш як 640 маладых сем'яў, якія пражываюць у сельскай мясцовасці", - дадала Вераніка Гудкова.

Рэспубліканскі сямейны сельскагаспадарчы праект "Уладар сяла" ўпершыню ўбачыў свет у 2007 годзе. Яркі і займальны конкурс, ініцыяваны моладдзю Глыбоцкага раёна, ужо ў 2008 годзе быў падтрыманы на рэспубліканскім узроўні і атрымаў пастаянную прапіску ва ўсіх рэгіёнах краіны. З 2009 года (Год роднай зямлі) "Уладар сяла" атрымаў статус рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта, галоўныя задачы якога - садзейнічанне замацаванню маладых сем'яў у вёсцы, узняцце прэстыжу сельскагаспадарчых прафесій, адраджэнне працоўных дынастый, папулярызацыя традыцый беларускай вёскі, фарміраванне здаровага ладу жыцця ў маладзёжным асяроддзі.

Штогод конкурс праходзіць у тры асноўныя туры (раённы, абласны, рэспубліканскі фінал) і аб'ядноўвае сотні маладых сем'яў (муж і жонка не старэйшыя за 31 год і іх дзеці), якія пражываюць у сельскай мясцовасці не менш за тры гады і працуюць у вёсцы. Фіналістаў конкурсу сустракала Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, неаднаразова Мінская вобласць і горад Мінск (у 2010 годзе фінал праекта адбыўся на цэнтральнай пляцоўцы Камароўскага рынку). З 2020 года праект увайшоў у праграму свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў").

Арганізатарамі рэспубліканскага фіналу, правядзенне мерапрыемстваў якога запланавана на 6-8 ліпеня, выступаюць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства адукацыі і Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi

Да спіса