Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну
Навіны рэгіёну
16.04.2021

Аб "35 гадах пад знакам Ч" раскажа выстава ў Гомелі


16 красавіка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканская выстава "35 гадоў пад знакам Ч" да 35-годдзя з дня катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, падрыхтаваная Беларускім саюзам мастакоў, адкрыецца сёння ў Гомелі, у палацы Румянцавых і Паскевічаў, паведамілі БЕЛТА арганізатары.
Гледачы ўбачаць творы народных мастакоў Беларусі Гаўрыіла Вашчанкі і Уладзіміра Тоўсціка, заслужаных дзеячаў мастацтваў Валерыя Шкарубы, Уладзіміра Слабодчыкава, Віктара Барабанцава, Уладзіміра Уродніча. Таксама на выставе прадстаўлены яшчэ каля 70 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва аўтараў з розных рэгіёнаў Беларусі. У тым ліку Гомельскай вобласці.
Арганізатары адзначылі: ёсць падзеі, якія рэзка падзяляюць гісторыю на "да" і "пасля". Такой рысай у многім стала чарнобыльская катастрофа. Новая рэальнасць абумовіла пошук новай канцэпцыі асобы ў мастацтве. "Мастацтва пасля Чарнобыля не толькі расказвае пра разбуранае ўзрывам рэактара жыццё людзей, яно схіляе да філасофскіх разважанняў аб безабароннасці чалавека перад тэхнагеннымі катастрофамі, аб любові, шчырасці, духоўнасці, аб малой радзіме і Айчыне. Канцэнтраванне на праблемах унутранага свету стала асаблівай рысай мастацтва апошніх трох дзесяцігоддзяў", - расказалі ў Беларускім саюзе мастакоў.Першымі жывапісную хроніку чарнобыльскай трагедыі пачалі ствараць адразу з 1986 года тады яшчэ маладыя мастакі Валерый Шкаруба, Мікалай Цудзік, Віктар Барабанцаў, Уладзімір Кожух, Аляксандр Фралянкоў. "У іх карцінах - амаль дакументальныя кадры: людзі, якія сталі бежанцамі ў сваёй краіне ў мірны час, кінутыя дамы, калючы дрот на мяжы зоны адчужэння", - далі апісанне арганізатары.
Вялікую работу для захавання памяці аб Чарнобылі зрабіў мастак і вучоны Віктар Шматаў. Ён не раз прыязджаў на забруджаную тэрыторыю, каб зберагчы для гісторыі матэрыяльную культуру Палесся. Збіраў экспанаты для музея старажытнабеларускай культуры. Створаныя ім тады маляўнічыя рэпартажы расказвалі пра жыццё апусцелых вёсак.
Выстава "35 гадоў пад знакам Ч" будзе працаваць да 6 чэрвеня.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)

Да спіса