Кніга памяці

З пачатку красавіка па верасень бягучага года ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны праходзіла акцыя-эстафета "Ганаруся подзвігам ветэрана-земляка". Да Дня народнага адзінства сфарміравана электронная "Кніга памяці", у якую ўвайшлі відэаролікі з апавяданнямі ветэранаў ВАВ, вязняў, жыхароў блакаднага Ленінграда і сведкаў вайны, з успамінамі іх сваякоў і проста з аўтарскімі сюжэтамі работнікаў сацыяльных устаноў. Акрамя відэа ў кнізе можна знайсці кароткае апісанне пра герояў сюжэтаў - гэта каля 60 унікальных гісторый.

Відэаролікі падрыхтавалі супрацоўнікі ўстаноў сацыяльнага абслугоўвання сістэмы Мінпрацы і сацабароны: самастойна распрацавалі сцэнарыі, часта бралі інтэрв'ю ў відавочцаў ваенных падзей, займаліся здымкай і мантажом. І ўсё для таго, каб захаваць неверагодна каштоўныя дадзеныя аб вайне.

Акцыя прымеркавана да Года гістарычнай памяці і праходзіла ў тры этапы: да Дня Перамогі, Дня Незалежнасці і Дня народнага адзінства. Свята, якім завяршаецца акцыя, было выбрана нездарма. Бо адзінства беларусаў непарыўна звязана з гістарычнай праўдай.

У электронную "Кнігу памяці" ўвайшлі ўсе відэаработы. Яны таксама даступныя на YouTube-канале, сайце і сацыяльных сетках Міністэрства, камітэтаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароны і ў падведамных арганізацыях.