Галоўная / Навіны / Навіны раёна
Навіны раёна
Акцыя «Збяры партфель першакласніку»
15.08.2025

Акцыя «Збяры партфель першакласніку»

Шасцігадоваму выхаванцу сацыяльна-педагагічнага цэнтра Адаму Краўчанку гэты дзень запомніцца надоўга. Бо сёння яму ўручыў партфель са школьным прыладдзем старшыня райвыканкама Алег Таргонскі. Традыцыйна ў жніўні на Лоеўшчыне, як і па ўсёй краіне, праходзіць добрая акцыя «Збяры партфель першакласніку».

Кіраўнік раёна не застаўся ў баку. Уручаючы ранец, Алег Віктаравіч пажадаў, каб дарога ведаў была для хлапчука лёгкай, напоўненай толькі станоўчымі эмоцыямі, добрымі адзнакамі і вернымі сябрамі.

Першага верасня Адам упершыню пайдзе ў школу. Вось толькі шкада, што гэтая важная падзея адбудзецца не ў роднай Ручаёўцы ў асяроддзі любячых і клапатлівых бацькоў, а ў аграгарадку Пярэдзялка, дзе знаходзіцца прытулак. У сацыяльнай установе хлопец жыве вось ужо тры з паловай месяцы.

Увесь гэты час ён не губляе надзеі, што мама, якая ніяк не можа перамагчы прыхільнасць да алкаголю, скарыстаецца падтрымкай зацікаўленых службаў і знойдзе ў сабе сілы, каб вярнуць сына дадому.

У гэты дзень усіх выхаванцаў СПЦ чакаў сюрпрыз у выглядзе духмянага каравая ад спонсараў ТАА "Золата-палёў" і салодкіх пачастункаў ад раённай арганізацыі РГА "Беларускі саюз жанчын".


Да спіса