Адрас райвыканкама: Рэспубліка Беларусь, Гомельская вобласць,
247095, г.п. Лоеў, вул. Леніна, 2
Тэлефон прыёмнай: 8 02347 2 04 10
E-mail:
isp@loev.gov.by (для дзелавой перапіскі)
Музей быў адкрыты ў Лоеве 9 мая 1985 года як філіял Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў азнаменаванне 40-годдзя Перамогі.
Разам з пляцоўкай баявой тэхнікі на беразе Дняпра ён стаў мемарыяльным помнікам усім удзельнікам Дняпроўскай аперацыі.
З 1990 года атрымаў статус самастойнага дзяржаўнага музея. Музейны фонд налічвае звыш чатырох тысяч экспанатаў асноўнага і навукова-дапаможнага фонду.
Экспанаты музея раскрываюць тэму фарсіравання Дняпра на тэрыторыі Гомельскай вобласці, якое паклала пачатак вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама партызанскі рух на тэрыторыі краю і ўдзел лаяўчан у Вялікай Айчыннай вайне.
Экспазіцыю музея адкрываюць матэрыялы, прысвечаныя каманднаму саставу Цэнтральнага фронту і Маршалу Савецкага Саюза К.К.Ракасоўскаму.
23 верасня 1943 года часткі 13 арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Н.П.Пухава фарсіравалі Днепр і вызвалілі першы раённы цэнтр Беларусі Камарын.
Гэта стала магчыма толькі дзякуючы выключнаму гераізму радавога саставу і высокім камандзірскім якасцям афіцэраў Чырвонай Арміі.
27 верасня войскі 61-й арміі генерал-лейтэнанта П.А.Бялова фарсіравалі Днепр на ўчастку Глушэц-Дзяражычы, паклаўшы тым самым пачатак вызваленню Лоеўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У музеі прадстаўлены фатаграфіі, дакументы, баявыя лістоўкі, франтавыя лісты і іншыя матэрыялы, якія раскрываюць подзвігі байцоў Чырвонай Арміі.
Байцы роты пад камандаваннем лейтэнанта М.М.Магерамава першымі пераправіліся праз Днепр і, адбіваючы лютыя контратакі ворага, утрымлівалі плацдарм. За гераізм і мужнасць сямнаццаць байцоў роты былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.
Імя генерал-лейтэнанта П.І.Батава навечна ўпісана ў гісторыю Лоеўшчыны. 15 кастрычніка 1943 года войскі 65-й арміі пад яго камандаваннем фарсіравалі Днепр на ўчастку Лоеў-Радуль і да зыходу дня 16 кастрычніка вызвалілі Лоеў. Небывалую вайсковую адвагу праявіў дэсантны батальён пад камандаваннем маёра В.Ф.Несцерава. 22 байцы батальёна былі адзначаны залатой зоркай Героя.
Сярод экспанатаў музея асабістыя рэчы генерал-лейтэнанта П.І.Батава, начальніка штаба 65-й арміі генерал-маёра І.С.Глебава, фатаграфіі воінаў, чые імёны навечна застануцца ў памяці лаяўчан.
Экспанаты раздзела музея, прысвечанага партызанскаму руху на тэрыторыі Лоеўскага раёна, расказваюць аб гераічнай барацьбе мясцовых жыхароў у тыле ворага.
Адзін са стэндаў музея прысвечаны рэйду ўкраінскіх партызан пад камандаваннем С.А.Каўпака і А.М.Сабурава праз тэрыторыю Лоеўскага раёна 7 лістапада 1942 года.
Экспанаты музея таксама распавядаюць аб земляках, якія змагаліся на розных франтах Вялікай Айчыннай вайны і ўнеслі свой уклад у разгром ворага.
У вітрынах музея бясцэнныя рэліквіі: салдацкая гімнасцёрка, кацялок, пляшка…
У музеі таксама прадстаўлены падручныя сродкі пераправы першых дэсантных атрадаў.
Цікавасць у наведвальнікаў музея выклікае калекцыя зброі часоў Вялікай Айчыннай вайны: кулямёты, мінамёты, процітанкавая стрэльба, узоры стралковай зброі.
На мемарыяльнай пляцоўцы на беразе Дняпра прадстаўлена баявая тэхніка.
На Алеі Герояў памятныя знакі ў гонар уражэнцаў Лоеўшчыны, удастоеных высокага звання Герой Савецкага Саюза.