1 ліпеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. МУС робіць усё, каб забяспечыць бяспеку на тэрыторыі краіны. Акцэнт на гэтым зрабіў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў у гутарцы з журналістамі пасля адкрыцця абноўленага адміністрацыйнага будынка ўпраўлення ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паляпшэнне ўмоў нясення службы супрацоўнікамі ДАІ па ўсёй рэспубліцы ўжо дае вынік, звярнуў увагу Іван Кубракоў. "Знізілася колькасць ДТЗ. Не толькі на тэрыторыі Гомельскай вобласці, але і па ўсёй краіне", - канстатаваў ён.
Паводле слоў міністра, гэта адбываецца ў тым ліку і таму, што ў рабоце паўсюдна асаблівы акцэнт зроблены на прафілактыцы. "Пачынаючы ад дзяцей у дзіцячым садзе - мы даводзім тую інфармацыю, якая дазваляе ў далейшым не парушаць правілы дарожнага руху, а самае галоўнае - захаваць жыцці людзей", - сказаў Іван Кубракоў.
"Робім усё, каб забяспечыць бяспеку на тэрыторыі нашай краіны", - падкрэсліў ён.
Іван Кубракоў назваў адкрыццё абноўленага адміністрацыйнага будынка ДАІ важнай падзеяй не толькі для дзяржаўтаінспектараў, але і для ўсіх жыхароў горада, вобласці, гасцей рэгіёна.
Ён нагадаў: кіраўніком дзяржавы пастаўлена дакладная задача - калі грамадзянін прыйшоў па дапамогу ў органы ўнутраных спраў, яна павінна быць яму аказана на самым высокім узроўні. "І сёння па ўсёй рэспубліцы праводзяцца мерапрыемствы па рамонце будынкаў, збудаванняў. У першую чаргу там, дзе аказваецца дапамога і адміністрацыйныя працэдуры грамадзянам. Мы не так даўно адкрылі новы будынак ДАІ ў Магілёўскай вобласці. Сёння адкрываем будынак ДАІ Гомельскай вобласці. Тут зроблена ўсё для камфортнага атрымання адміністрацыйных працэдур. Калі грамадзянін прыйшоў сюды, ён павінен атрымаць увесь комплекс паслуг - ад зняцця і пастаноўкі транспарту з уліку да атрымання вадзіцельскіх пасведчанняў", - адзначыў Іван Кубракоў.
"Упэўнены, што новы будынак - гэта яшчэ адзін крок да ўмацавання не толькі дарожнай бяспекі, але і ў цэлым бяспекі", - дадаў кіраўнік міліцэйскага ведамства.
Напярэдадні Дня Незалежнасці міністр унутраных спраў пажадаў усім шчасця, здароўя, поспехаў. "А мы будзем рабіць усё для таго, каб у Беларусі людзі адчувалі сябе камфортна і, галоўнае, у бяспецы", - рэзюмаваў ён.