Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 сакавіка падпісаў указ нумар 112, якім скарэкціраваны парадак прадастаўлення і выкарыстання бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі, што дзейнічаў у адпаведнасці з указам нумар 300 ад 1 ліпеня 2005 года. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Дакументам уведзены дадатковыя абмежаванні на прадастаўленне такой дапамогі. Яе не могуць аказваць арганізацыі з доляй дзяржаўнай уласнасці 50 і больш працэнтаў пры наяўнасці ў іх пратэрмінаванай запазычанасці па плацяжах у бюджэт, выплаце заработнай платы і дапамог, чыстай страты, а таксама пры невыкананні ўмоў аказання дзяржпадтрымкі.
Таксама нельга прадастаўляць бязвыплатную (спонсарскую) дапамогу ў замежнай валюце. За выключэннем выпадкаў, калі яна накіроўваецца арганізацыям аховы здароўя для набыцця імі за мяжой медыцынскіх вырабаў і лекавых сродкаў, грамадзянам для атрымання медыцынскай дапамогі за межамі краіны, а таксама фізічным асобам (камандам), якія прадстаўляюць Беларусь у міжнародных мерапрыемствах.
Пры гэтым указам прадастаўляецца магчымасць аказання такой дапамогі ў выглядзе электронных грошай і токенаў, выкарыстання яе на кампенсаванне расходаў, звязаных з утрыманнем вытворчых будынкаў, збудаванняў, добраўпарадкаваннем населеных пунктаў, а асобным рэлігійным, дабрачынным, спартыўным арганізацыям і грамадскім аб'яднанням - на аплату працы і іншых гаспадарчых расходаў.
Акрамя таго, пашырана кола тых, хто мае права на атрыманне бязвыплатнай дапамогі. У яго дабаўлены дыппрадстаўніцтвы, бізнес-асацыяцыі (саюзы) і аб'яднанні (для рэалізацыі статутных задач).
Мэты прадастаўлення (выкарыстання) гэтай дапамогі дапоўнены такімі пазіцыямі, як падтрымка арганізацый, што займаюцца патрыятычным выхаваннем дзяцей і моладзі, фізічных асоб, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, некамерцыйных арганізацый (у сферы аховы навакольнага асяроддзя), а таксама пажарнага добраахвотніцкага руху.-0-