IV Фестываль беларусаў свету пройдзе ў краіне з 19 па 24 верасня. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі "Традыцыі аб'ядноўваюць. Як беларусы адзначаюць народныя святы" ў прэс-цэнтры Дома прэсы расказала начальнік аддзела народнай творчасці дзяржаўнай установы культуры змешанага тыпу "Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур" Святлана Каржук.
Як было падкрэслена, на тэрыторыі Беларусі пражывае каля 140 нацыянальнасцей, кожная з якіх адзначае свае святы, захоўвае сваю мову. "Я лічу, што нацыянальнасці, якія пражываюць у Беларусі, павінны з павагай ставіцца і да свят беларусаў, і да беларускай мовы", - падзялілася меркаваннем Святлана Каржук.
Начальнік аддзела народнай творчасці праінфармавала, што на афіцыйным сайце Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур размешчана тры календары: каляндар народных свят, каляндар вядомых свят і каляндар рэгіянальных брэндаў, дзе зафіксаваны ўсе святы, якія будуць адзначацца ў гэтым годзе ў кожным рэгіёне краіны. Святлана Каржук заўважыла, што ў асноўным календаром карыстаюцца беларусы, якія пражываюць за мяжой.
Каляндар народных свят - гэта фальклорны каляндар, у якім захаваны прыродна-храналагічныя веды народа. "Сёння ў розных рэгіёнах краіны адзначаюцца каляндарныя святы і абрады, час правядзення якіх вызначаецца царкоўнымі календарамі. "Каляды", "Грамніцы", Масленіца, "Гуканне вясны", Радаўніца, Сёмуха, "Купалле", "Пятрок", Спас, "Пакровы", "Дзяды" - гэта вельмі вялікая колькасць свят і абрадаў, кожнае з якіх мае свой сакральны змест. Менавіта гэта і аб'ядноўвае беларусаў", - дадала начальнік аддзела народнай творчасці. Паводле яе слоў, народныя святы адлюстроўваюць светапогляд, маральныя каштоўнасці, ідэалы беларусаў, якія выдзяляліся ў працэсе развіцця беларускага грамадства.
"Народныя святы аб'ядноўваюць нас закладзеным у іх сакральным сэнсам, іх разуменне з'яўляецца адным з асноўных фактараў адзінства беларускага грамадства. За гады сваёй работы я пазнаёмілася з многімі народнымі святамі, і кожны рэгіён мае свае рэгіянальныя брэнды, - падзялілася вопытам Святлана Каржук. - Абласныя ж цэнтры народнай творчасці ў цесным супрацоўніцтве з рэгіёнамі дапамагаюць захоўваць тыя святы, якія з'явіліся ў розных раёнах краіны".
Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур падрыхтаваў у гэтым годзе вялікае свята - IV Фестываль беларусаў свету, які пройдзе з 19 па 24 верасня. "Усе беларусы, якія хочуць прыехаць, прысылаюць заяўкі, і я спадзяюся, што гэта будзе вельмі цікавы фестываль. Рэгіёны будуць прымаць беларусаў і знаёміць іх з унікальнымі трыдыцыйнымі святамі нашай краіны", - падвяла вынік Святлана Каржук.-0-