У Віцебску праходзяць традыцыйныя адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы па спартыўнай акрабатыцы "Кубак касманаўтыкі", у якіх удзельнічаюць прадстаўнікі Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У гэтым годзе спаборніцтвы, прысвечаныя Дню касманаўтыкі, праводзяцца 19-ы раз. Свае выступленні паказваюць каманды з шасці беларускіх гарадоў - Віцебска, Мінска, Баранавіч, Магілёва, Вілейкі, Гомеля, а таксама госці з Расійскай Федэрацыі, якія прыбылі з Калінінграда.
Юныя расіянкі падзяліліся ўражаннямі ад спаборніцтваў. Дзяўчатам спадабаліся цёплы прыём беларускага боку, арганізацыя спаборніцтваў, скакучы дыван, на якім яны паказалі свае конкурсныя нумары, а таксама трэніровачны дыван, дзе яны размінаюцца. Спартсменкі дабіраліся да Віцебска суткі, паспелі ў свабодную гадзіну аглядзець пакуль толькі набярэжную Заходняй Дзвіны, а так увесь час праводзяць на трэніроўках. Ужо заўтра яны ўсёй камандай з 14 чалавек адправяцца дадому.
Акрабатыка лічыцца спортам касманаўтаў, якія займаюцца ёю ў час падрыхтоўкі да палётаў, каб у бяважкасці не зведваць галавакружэнні. І гэта не дзіўна, паколькі спартсмены, якія дэманструюць свае ўменні, круцяць такія сальда, што можна хапацца за сэрца. Гібкасць, лоўкасць, грацыя, адточанасць рухаў - усё гэта вызначае юных акрабатаў, якія ў будучым змогуць пабудаваць зайздросную кар'еру і падняцца да зорак у прамым і пераносным сэнсе.
"У гэтым годзе на "Кубак касманаўтыкі" прыехалі каля 100 удзельнікаў. Раней да нас з'язджаліся юнакі і дзяўчаты з многіх краін СНД, блізкага замежжа. Тут прадстаўлены тры ўзроставыя катэгорыі, самым малодшым удзельнікам 11 гадоў, старэйшым - 19", - адзначыла галоўны суддзя спаборніцтваў Алена Цыбульская.
Спаборніцтвы праходзяць другі дзень, прадоўжацца 12 красавіка і завершацца ў той жа дзень уручэннем Кубка касманаўтыкі.-0-