Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Шматдзетная маці з Луганска, якая нарадзіла трайнят у Гомелі: у Беларусі ціха і спакойна, гэта галоўнае

11 мая 2023

11 мая, Гомель /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ціха і спакойна, і гэта галоўнае. Акцэнт на гэтым у гутарцы з журналістамі зрабіла шматдзетная маці Алёна Ібрагімава, якая пераехала ў Гомельскую вобласць з Луганскай, на ўрачыстай рэгістрацыі нараджэння трайнят, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Тры дзяўчынкі - Дар'я, Дзіяна і Эльвіра - з'явіліся на свет 31 сакавіка. 11 мая бацькам ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі першыя дакументы малых - пасведчанні аб нараджэнні.

Алёна Ібрагімава расказала, што прыехала ў Беларусь з Луганска ў 2014 годзе. "У Беларусі былі далёкія сваякі. Я прыехала з двума дзеткамі. Вельмі за іх перажывала, таму і адважылася на пераезд. У Гомелі пазнаёмілася з мужам Элмірам. І тут нарадзіліся ўжо чацвёра дзетак. Цяпер у мяне пасведчанне на права жыхарства. Ад'язджаць не плануем. У Беларусі ціха і спакойна. Гэта галоўнае", - падкрэсліла шматдзетная маці.

Сёння старэйшая Аляўціна вучыцца ў магілёўскім прафесійным ліцэі, Аміна заканчвае чацвёрты клас, а Аляксандра ходзіць у дзіцячы сад.

Бацькі прызналіся: ніколі не думалі, што будзе такая вялікая сям'я: "Чацвёртае дзіця планавалі, але калі даведаліся, што будуць трайняты, спачатку быў шокавы стан". Пры гэтым раней трайнят не было ні ў кога з роду маці, ні ў кога з роду бацькі.

Імёны малым выбіраў тата. А дапамагаюць бацькам з немаўлятамі і старэйшыя дзяўчынкі, і бабулі з дзядулямі. "Мы вельмі рады такому трайному шчасцю. Будзем падтрымліваць, будзем дапамагаць. Галоўнае, каб быў мір, а нашы ўнукі - здаровыя", - не хавала слёз радасці маці Алёны Галіна Шапавалава.

Як адзначыла начальнік аддзела ЗАГС адміністрацыі Навабеліцкага раёна Гомеля Ганна Мішына, гэта першыя трайняты ў Гомельскай вобласці з 2020 года, у Навабеліцкім жа раёне такой падзеі не было з 2012-га. На цырымоніі рэгістрацыі яна пажадала сям'і светлай будучыні, міру, любові і згоды.

Душэўныя словы віншаванняў і падарункі падрыхтавалі для сям'і і ўпраўленне сацыяльнай абароны адміністрацыі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, птушкафабрыкі, дзе працуе галава дружнай сям'і.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе: https://loev.gov.by/by/region2-by//shmatdzetnaja-matsi-z-luganska-jakaja-naradzila-trajnjat-u-gomeli-u-belarusi-tsixa-i-spakojna-geta-galounae-22142
© ЛОЕЎСКІ РАЁННЫ
ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ, 2024.