Знеслі аб'ект? Прыбярыце звалку
Разбіраючы пытанні добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі, закранулі тэмы зносу невыкарыстоўваемых сельскагаспадарчых аб'ектаў, а таксама тампанажу закінутых артэзіянскіх свідравін. У цэлым план па зносе сельгаспабудоў у раёнах выконваецца. Аднак трэба паскорыць вываз будаўнічых адходаў пасля выканання такіх работ, па сутнасці – ліквідацыю звалак, якія засталіся пасля зносу. Некаторыя такія звалкі не вывезеныя яшчэ з мінулага года.
Праблемная сітуацыя з невыкарыстоўваемымі артскважынамі склалася ў васьмі раёнах. Усяго такіх свідравін 41. Губернатар запатрабаваў правесці іх тампонаж да канца кастрычніка – не цягнуць да канца восені і тым больш да зімы.
Пытанні поўнага спектра работ па добраўпарадкаванні ў раёне разабралі на прыкладзе Веткаўшчыны. Складаная сітуацыя ўзнікла з аб'ектамі гандлю спажыўкааперацыі, якія не выкарыстоўваюцца і прыйшлі ў запусценне. Пастаўлена задача навесці парадак, аж да канфіскацыі аб'ектаў з зямельнымі ўчасткамі ва ўласніка.
У раёне трэба актывізаваць барацьбу з распаўсюджваннем сумніка канадскага. Ёсць нараканні да стану могілак і да аператыўнасці вывазу камунальных адходаў у насельніцтва. Усе гэтыя моманты неабходна ліквідаваць. Адказныя названыя, тэрміны пазначаныя.
Жэтон роўна парадак
Разгледзелі тэму рэгістрацыі хатніх жывёл. Такі парадак прадугледжаны для жыхароў шматкватэрных дамоў. Рэгістраваць гадаванцаў трэба з узросту трох месяцаў. Працэдура нескладаная, праводзіцца ў службе "адно акно". Новаўвядзенне накіравана ў тым ліку на прадухіленне росту колькасці безнаглядных жывёл. Наяўнасць жэтона ў сабакі ці кошкі засцеражэ іх ад адлову.
Так ці інакш рэгістрацыя гадаванцаў ідзе павольнымі тэмпамі. У першую чаргу, заўважыў Іван Крупко, неабходна больш шырока інфармаваць грамадзян па ўсіх пытаннях рэгістрацыі. Даводзіць да ведама людзей, што адмова ад працэдуры фактычна азначае ўхіленне ад выплаты падаткаў. Акрамя таго, вельмі важна ўпарадкаваць ўлік сабак і катоў у кожным раёне, вызначыць выразныя алгарытмы абыходжання з хатнімі жывёламі. Як варыянт, праводзіць ўлік і рэгістрацыю пры звароце уладальнікаў у ветэрынарныя клінікі, дзяржаўныя і прыватныя.
Кватэра ці дом
Ацэнена эфектыўнасць работы Добрушскага райвыканкама па забеспячэнні жыллём грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Асноўная частка грамадзян разлічвае на атрыманне сацыяльнага жылля.
Даручана павысіць інфармаванасць людзей аб перавагах індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва. Дамы будаваць ёсць дзе. У раёне 194 зямельных ўчастка (у самым Добрушы – 29) з усімі камунікацыямі.
Гатовыя да халадоў?
План падрыхтоўкі жывёлагадоўчых аб'ектаў да зімова-стойлавага перыяду ў рэгіёне выкананы на 82%. Недазваляльна нізкімі тэмпамі работы ідуць у Ельскім, Жлобінскім, Кармянскім, шэрагу іншых раёнаў. Асноўны круг клопатаў цяпер – пабел і дэзінфекцыя памяшканняў, зварачныя работы, ўстаноўка агародж.
– У вас ёсць месяц. Зрабіце ўсё магчымае і немагчымае, але папраўце сітуацыю, – даў даручэнне старшыням райвыканкамаў Іван Крупко.
Падрыхтоўка да халадоў – адказная задача, але вельмі важна пры яе выкананні забяспечыць працаздольнасць самой фермы: павінны функцыянаваць усе сістэмы, механізмы, вырабляцца малако.
Акрамя таго, абмеркавалі пытанні вывазу нарыхтаванай драўніны з участкаў лесфонду ля дарог і населеных пунктаў, а таксама з палёў. На месцах, напрыклад, у Ельскім раёне, транспарціроўка ўскладнена станам глебы. Дзесьці трэба грэйдзіраваць пад'язныя шляхі. У найбліжэйшыя дні лясгасы максімальна паскораць гэтыя работы.
Даручэнне губернатара
Старшыням райвыканкамаў, адказным службам – максімальна паскорыць работу па тампанажы невыкарыстоўваемых артэзіянскіх свідравін.