Да 1 тыс. чалавек адначасова змогуць пачаставацца ў кафэ пад адкрытым небам на фэсце "Кліч Палесся"
3 жніўня 2022
3 жніўня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Да тысячы гасцей адначасова змогуць прыняць кафэ пад адкрытым небам у час правядзення міжнароднага фестывалю "Кліч Палесся". Аб гэтым далажыў старшыні Гомельскага аблвыканкама Івану Крупко начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю Аляксандр Качан, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Telegram-канал "Гомельшчына афіцыйна".
Іван Крупко 2 жніўня на месцы азнаёміўся з ходам падрыхтоўкі да свята ў Ляскавічах. Праведзена вялікая работа, складзены сцэнарый свята, што ўвасобіць рэжысёрскую задуму з пошукам сэрца Палесся, чакаецца яркая праграма.
Па традыцыі на фестывалі ўдзеляць увагу не толькі відовішчу з палескім каларытам, але і пачастункам. Як далажыў Аляксандр Качан, у цэлым жа гандлёвыя рады зоймуць плошчу ў памеры 4 тыс. кв.м. "Галоўны акцэнт робіцца на рэалізацыю страў нацыянальнай беларускай кухні: дранікі і піражкі з бульбы, бліны з рознымі начынкамі, прысмакі па палескіх рэцэптах, поліўка з дзічыны, парася на ражне. Не застануцца без любімых страў і аматары вулічнай ежы. У меню свята кожны госць знойдзе сабе нешта даспадобы", - падкрэсліў ён.
Губернатар таксама звярнуў увагу на гандлёвыя кропкі з сувенірнай прадукцыяй. "Абавязкова павінны быць у шырокім асартыменце тавары майстроў-рамеснікаў і сувеніры з элементамі дзяржаўнай сімволікі", - даручыў Іван Крупко.
Усіх гасцей чакаюць шматлікія дэгустацыі, акцыі, розыгрышы прызоў і латарэі.
Міжнародны фестываль "Кліч Палесся" накіраваны на захаванне і папулярызацыю этнакультурных традыцый, вывучэнне і падтрымку багатай гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна, умацаванне творчых сувязей прыгранічных рэгіёнаў. Ён праводзіцца раз у два гады. Арганізатарамі выступаюць Міністэрства культуры, Гомельскі і Брэсцкі аблвыканкамы, Нацыянальны парк "Прыпяцкі".-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)